ХА́РКАЎСКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т імя В.​Н.​Каразіна,

адзін з найбуйнейшых навуч. і навук. цэнтраў Украіны. Засн. ў 1804 па ініцыятыве ўкр. вучонага і асветніка В.​Н.​Каразіна. Напачатку меў 4 ф-ты: фізіка-матэм., гіст.-філал., мед. і юрыдычны; бат. сад (з 1804) і астр. абсерваторыю (з 1808). Па ініцыятыве ун-та створаны першыя ў Харкаве газ. «Харьковский еженедельник» (1812), час. «Украинский вестник» (1816—19) і «Украинский журнал» (1824—25). З 1860-х г. з ун-там звязана дзейнасць харкаўскіх навук. т-ваў: прыродазнаўчага, матэм., фізіка-хім., гіст.-філал. і інш. З ун-там звязана хваля ўкр. нац. адраджэння 1-й пал. 19 ст. У 1907 праф. М.​Ф.​Сумцоў упершыню чытаў лекцыі на ўкр. мове. У 1936 ун-ту прысвоена імя М.​Горкага, у 1999 — Каразіна. З Х.н.у. звязана дзейнасць лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі І.​І.​Мечнікава, Л.​Д.​Ландау; у ім працавалі матэматыкі В.​Р.​Імшанецкі, А.​М.​Ляпуноў, У.​А.​Сцяклоў, фізікахімік М.​М.​Бякетаў, батанік У.​І.​Паладзін, гісторыкі Дз.​І.​Багалей, У.​П.​Бузескул, філолагі А.​А.​Патабня, І.​І.​Сразнеўскі і інш. На яго аснове створаны Нац. юрыд. акадэмія, Нац. фармацэўтычная акадэмія, харкаўскі мед. ін-т, акадэмія культуры. пед. ун-т, маст. музей і інш. У 2002/03 навуч. г. ў складзе ун-та 15 ф-таў, 97 кафедраў; каля 12 тыс. студэнтаў і аспірантаў; каля 2 тыс. выкладчыкаў і навук. супрацоўнікаў, у т. л. больш за 200 д-роў навук і прафесараў, больш за 1 тыс. канд. навук і дацэнтаў; вядзецца падрыхтоўка па 46 спецыяльнасцях і 65 спецыялізацыях. Пры ім працуюць 2 ліцэі і Цэнтр дауніверсітэцкай падрыхтоўкі з філіяламі ў інш. гарадах краіны; у складзе ун-та НДІ хіміі, біялогіі, лазернай біялогіі і лазернай медыцыны, астр. абсерваторыя, бат. сад., цэнтр. навук. б-ка, музей прыроды і інш.

Н.​К.​Мазоўка.

Харкаўскі нацыянальны універсітэт.

т. 16, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)